Падарожжа па Беларусі / Незвычайны кот

Пару дзён таму ішоў я з працы да дому. Быў ціхі зімовы вечар, падаў снег, надвор'е акурат як у казцы. Праходзячы міма адной з так званых "хрушчовак", я ўбачыў, што на люку ад цеплатрасы грэюцца чатыры каты. Прытуліліся адзін да аднаго і пазіраюць у розныя бакі - раптам небяспека, дык хоць уцячы можна. Цягам часу яны, відаць, прыгрэліся, хтосці пачынаў засыпаць і на людзей, якія праходзяць міма, увагі ўжо не звярталі - зразумелі, што нічога дрэннага ім не зробяць. Так і на мяне яны асабліва не адрэагавалі, толькі адзін з катоў уважліва правёў сваім позіркам. Гледзячы на іх я ўспомніў аднаго незвычайнага ката, які жыў у майго дзяцькі.

Здарылася гэта гісторыя ў дзевяностыя гады. Мой дзядзька, як і тады, жыве ў прыгарадзе ў прыватным доме. Аднойчы ў яго завяліся мышы і што ён толькі не рабіў, каб іх вывесці - ўсё дарэмна, нават ката завёў, але той рыжы гультай не збіраўся ўвогуле іх лавіць, толькі спаў цэлымі днямі на лаўцы ў цёплых праменях летняга сонца. Адчаіўся ўжо быў мой дзяцька вывесці мышэй, пакуль да яго ў госці не завітаў сусед - вопытны паляўнічы. Даведаўшыся пра бяду, ён сказаў: "Не перажывай, Алесь, прынясу я табе добрага ката. Ведаю тут аднаго". Прайшло некалькі дзён і прыходзіць сусед з клеткай у руках, дзе сядзіць здаравенны кацяра: шэрая шэрсць стаіць дыбам, вочы вялікія і блішчаць, нібы фары аўтамабіля, а сунеш да яго руку - пачынае рычаць. Вось так, у клетцы і пачалося новае гарадское жыццё гэтага ката.

Як я ўжо казаў сусед майго дзяцькі быў добрым паляўнічым. Завуць яго Якаў. Здаецца, няма ў краіне такога лесу, дзе б ён не пабываў са сваёй стрэльбай. За свой шматгадовы вопыт ў паляванні, ён набыў сваю асабістую філасофію - не браць ад прыроды болей, чым патрэбна нават тады, калі ёсць вялікі спакус і здабытак ад старажытнага віда занятку абяцае быць надзвычай багатым. Такога пераканання ён прытрымліваўся безумоўна. Для Якава з цягам часу стала галоўным не сама здабыча, а магчымасць знайсці па слядах звера, паназіраць за ім, ад чаго атрымліваў большую асалоду. Ён добра ведаў звычкі жывёл. Аднойчы на паляванні Якаў выпадкова трапіў на закінуты хутар. Маленькая хата была калісьці даўным-даўно леснічоўкай і стаяла досыць далёка ад вёскі да якой, мабыць, адносілася. Вёска, як кажуць, глухая і амаль закінутая, акружана лясамі. У той леснічоўцы і жыў гэты кот. Адкуль там узяўся - невядома, але з выгляду быў як звычайны хатні. Доўгае жыццё ў адзіноце без людзей зрабіла яго дзікім і на гэтым хутары, каля лесу, яму было раздолле. Кожны дзень ён пакідаў сваю хату і ішоў паляваць на птушак, мышэй і іншых маленькіх звяркоў, а ўвечары вяртаўся назад. Уваходам у яго жытло быў праём ад няшчыльна зачыняных дзвярэй. Кот пралазіў у хату і займаў сваё любімае спальнае месца на ложку, з кінутым паверх старым кажухом. Стаміўшыся за дзень, салодка пазяхнуўшы, ён засыпаў сыты, смачна пад'еўшы... Ціха, цёпла, добра, прыемна... А на раніцу ізноў абходзіў сваю лясную тэрыторыю ў пошуках ежы. Так праходзілі яго дні, пакуль у госці не прыйшоў Якаў.

Новае месца жыхарства кот успрыняў не вельмі станоўча. Два тыдні не вылазіў з клеткі, а толькі мой дзяцька пачне працягваць да яго руку, як той пачынаў рычаць, кусаць і царапаць да крыві, уздыбіўшы шэрсць. Ён пазіраў вакол дзікімі, бліскучымі вачамі, якія часам палыхалі, быццам агонь. Здавалася, што ён бачыць цябе наскрозь, кожны твой рух не праміне яго, ён ведае наперад, што ты зробіш. Няма чагосьці болей грандыёзнага і прыгожага, чым позірк таго дзікага ката. Паступова ён пачаў прывыкаць, ўжо не баяўся браць ежу, каторую дзяцька закладаў у клетку. Праз месяц пачаў выходзіць з клеткі, але ў такія хвіліны мая цёця закрывалася ў другім пакоі, баялася яго. Ён абягаў усю хату, абнюхваў ўсё вакол сябе. Ніколі не шыпеў, як звычайныя хатнія каты, а толькі рычаў, калі адчуваў небяспеку.

Ішоў час і кот канчаткова абжыўся. Мышы зніклі не толькі ў дзяцькі, але і ў суседзяў, а хтосьці згледзеў, што і птушак значна паменшылася па вуліцы. Сабак не баяўся зусім, нават увагі на іх не звяртаў, яны самі яго баяліся. Былі выпадкі, калі кацяра даваў ім такі добры адпор, што на ўсё жыццё запаміналі і абыходзілі бокам. Самым любімым месцам для ката стаў дах куратніку. Там ён адпачываў і паляваў на вераб'ёў. Узлезе туды, ляжыць, а як толькі ляціць верабей - цап лапай, толькі пер'е падае. Аднойчы здарыўся з ім выпадак. Адна суседка працавала на мясакамбінаце (ў іх горадзе гэта асноўнае месца працы жыхароў) і прынесла адтуль здаравенны кавалак мяса. У той час (90-я гады) бывала так, што замест зарплаты маглі даць харчы. Гэты кавалак мяса яна павесіла на крук каля хаты, каб апрацаваць, а сама адышла па справах. Кацяра згледзеў і праз некалькі хвілін дзяцька пачуў яго рык і ўбачыў, што плот увесь трасецца. Пабег глядзець. Перад вачамі адкрылася карціна: кот цягне праз штакетнік гэтае мяса, удвая большае за яго, рычыць, цяжка, але цягне... Дзяцька разгубіўся і не ведаў, што рабіць: сказаць суседцы сорамна і з'есці ужо нельга. Ён тады і кажа кату: "Нельга так рабіць! Ну што ж... Пакіну табе і сабаку". Кот пасля гэтых слоў глянуў на яго і праз гадзіну прыцягнуў яшчэ аднекуль другі кавалак мяса, не меней за першы. Быў яшчэ выпадак, калі дзяцька прынёс яму кілбасы з таго ж мясакамбіната. Кінуў кавалак, кот панюхаў, уздыбіў шэрсць і пачаў рычаць на гэты кавалак, абыходзячы па кругу, так і не стаў есці, адчуў небяспеку. Дзядзя тады шкадаваў, што не было відэакамеры як цяпер, паказаў бы дырэктару камбіната, якую кілбасу ён робіць.

З таго часу прайшло больш за дваццаць гадоў. Няма ўжо і ката, ён трапіў пад машыну, пакінуў пасля сябе яркі след ва ўспамінах. Бадай за той час, што пражыў з людзьмі, ён так і не стаў канчаткова хатнім катом, назаўжды застаўся дзікім і свабодным, а яго палымяныя вочы забыць і дагэтуль немагчыма...




P.S. Фотаздымак узяты з інтэрнэту
  • sonejka-ja, 22.01.2018 19:21 #
    +1
    1
    Вельмі цікава, прачытала з задавальненнем, дзякуй! Вы ўмееце захапляльна распавядаць! Кот і мяса -- круцяк!!!!   
    ответить на комментарий
    • Mirax, 22.01.2018 19:42 #
      +1
      1
      Цяжка паверыць, але гэта было сапраўды))
      ответить на комментарий
      • sonejka-ja, 22.01.2018 19:44 #
        +1
        1
        Ой, ды бывае, вядома ж... Веру... Каты і коткі -- яны такія...  
        ответить на комментарий
  • Elena-Leopold, 23.01.2018 00:53 #
    +2
    2
    У нас на базе была калісці кошка, зусім невялічкая, але пацукоў вялізных цягала. А каты былі так, для упрыгожывання)))
    ответить на комментарий
    • Mirax, 23.01.2018 11:43 #
      +1
      1
      Дарэчы больш за ўсё кошкі мышэй і ловяць, а каты не вельмі гэтым займаюцца.
      ответить на комментарий
      • Elena-Leopold, 23.01.2018 11:44 #
        +1
        1
        Каты - яны гультаі)))
        ответить на комментарий
  • elina, 23.01.2018 01:04 #
    +1
    1
    Цiкава вельмi, дзякуй!
    ответить на комментарий
    • Mirax, 23.01.2018 11:43 #

      І Вам вялікі дзякуй за адзнаку!
      ответить на комментарий
  • marisabel 24.01.2018 16:44 #
    +1
    1
    Интересно, спасибо))
    ответить на комментарий
    • Mirax, 24.01.2018 20:38 #
      +1
      1
      Очень приятно, что Вам понравилось) Спасибо большое за оценку
      ответить на комментарий
Ответить автору поста
Mirax
5 постов
Последние комментарии
sheldon
whitecrow
elina
function li_counter() {var liCounter = new Image(1,1);liCounter.src = '//counter.yadro.ru/hit;bloger?t44.6;r'+((typeof(screen)=='undefined')?'':';s'+screen.width+'*'+screen.height+'*'+(screen.colorDepth?screen.colorDepth:screen.pixelDepth))+';u'+escape(document.URL)+';'+Math.random();}