Падарожжа па Беларусі / Троіцкі касцёл

     Беларусь - гэта краіна з багатай гісторыяй і культурай. Часам здзіўляешся, як гарманічна ўжываюцца між сабою розныя перыяды гісторыі нашай краіны: язычніцкія капішчы суседнічаюць са старажытнымі хрысціянскімі храмамі, сярэднявечныя абарончыя замкі з шляхецкімі сядзібнымі палацамі. Кожная гістарычная эпоха знаходзіць сваё месца, ствараючы непаўторны выгляд бацькаўшчыны. Асобна выдзяляюцца населеныя пункты са сваёй уласцівай атмасферай, тэмпам жыцця і цяжка знайсці такую вёску ці горад, дзе не было б чаго-небудзь гістарычнага - будынкаў або падзей. Аднойчы мне давялося наведаць  зусім звычайную беларускую вёску, але такой яна здалася толькі на першы погляд.  Беніца знаходзіцца ў Маладзечанскім раёне, галоўная яе славутасць - Троіцкі касцёл. Упершыню аказаўся я ў гэтай вёсцы  выпадкова - забіраў свайго знаёмага у якога тут дача. Менавіта ў той дзень і прайшло маё першае незвычайнае знаёмства з касцёлам.





    Лістападаўскім вечарам мне патэлефанаваў сябра і папрасіў прыехаць за ім, бо не паспеў на аўтобус да горада. Я згадзіўся, але пакуль ехаў, то шмат разоў пашкадаваў. Надвор'е было вельмі дрэннае: моцны вецер зрываў апошняе лісце і нахіляў векавыя дрэвы да зямлі, здавалася зараз іх зламае быццам запалку. Праліўны дождж заліваў лабавое шкло аўтамабіля так, што амаль нічога не было відаць і ехаць прыходзілася навобмацак. Чакаючы сябра, спыніўся я ў вёсцы на дамоўленым месцы. Дождж на той час скончыўся, але вецер не пераставаў, здавалася, што набіраў яшчэ большую моц. Ён разарваў асеннія хмары і халодны свет месяца явіў сілуэт касцёла. Перада мною праз цемру лістападаўскай ночы, ўзнікла нешта незвычайнае, невядомае, грандыёзнае і велічнае. Трохсот гадовы касцёл працяў сваімі крыжамі змрок да самага зорнага неба. Я яшчэ нічога пра яго не ведаў, але ўжо адчуў подых гісторыі. Праз некалькі месяцаў я зноў вярнуўся сюды і перад паездкай зрабіў невялікае гістарычнае даследванне гэтага месца.

    Вёска Беніца вядома з XV стагоддзя, ёй валодалі Астраухі, Валовічы, Коцелы. Троіцкі касцёл - помнік архітэктуры позьняга барока, быў пабудаваны ў 1701 годзе пры мужчынскім манастыры бернардзінцаў на сродкі Трокскага кашталяна К.Коцела. У 1851 годзе касцёл зачынілі, а праз пятнаццаць гадоў зрабілі з яго царкву. У 1919 годзе быў вернуты католікам. Да першай паловы XIX стагоддзя пры кляшторы працавала школа. Троіцкі касцёл уяўляе сабой аднанефны крыжова-купальны храм з двума вежамі і пяціграннай апсідай. Мастацкі сілуэт галоўнаму фасаду надаюць чатырохгранныя вежы, якія завершаны шатровымі купаламі з фігурным франтонам паміж імі. У падвале касцёла былі фамільныя склепы рода Коцелаў і Швыкоўскіх (апошніх уладальнікаў Беніцы). Мяркуецца, што менавіта ў гэтым касцёле быў пахаваны Міхал Казімір Коцел (1767 - 1813 гг.) - ротмістр кавалерыі, генерал-маёр паўстанцкіх войск Т. Касцюшкі. Дарэчы варта адзначыць, што і па сённяшні дзень у падвале касцёла знаходзяцца парэшткі тых людзей, што былі ў ім пахаваны, сам жа касцёл зачынены і шмат гадоў не працуе.

    У другой палове XVIII - XIX стагоддзяў у Беніцы сфарміраваўся сядзібны комплекс Коцелаў, які пазней перайшоў да роду Швыкоўскіх. Сюды ўваходзілі палац, парк, сад, гаспадарчыя збудаванні, сажалкі. Драўляны сядзібны палац будаваўся ў 1779 - 1781 гадах па праекце італьянскага архітэктара К. Спампані. Яго сцены ўпрыгожвалі іконы, карціны, гравюры, мелася вялікая бібліятэка і архіў. Падчас адступлення з Расіі ў 1812 годзе тут спыняўся Напалеон, а пакой, дзе некаторы час знаходзіўся імператар Францыі, быў пераўтвораны ў мемарыяльны. На вялікі жаль падчас Першай сусветнай вайны і Вялікай Айчыннай, палац быў цалкам знішчаны, памяць аб ім засталася толькі на карцінах Н. Орды.

Палац у в. Беніца. Гравюра Н. Орды



    Мястэчка   наведвалі шмат знакамітых асоб: М. Агінскі, Т. Зан, Я. Ходзька, С. Манюшка, В. Дамахоўскі, Н. Орда, У. Сыракомля, Ф. Багушэвіч і іншыя прадстаўнікі культуры таго часу. Сёння амаль нічога не напамінае пра былую веліч Беніцы, акрамя старажытнага касцёла - адзіны напамінак аб мінулых стагоддзях. Ён здаецца закінутым і забытым, але падышоўшы да яго старажытных муроў, адчуваеш, што касцёл жыве... Ён чакае таго, дзеля чаго быў збудаваны - малітву. Час над ім не ўласны.

. P.S. Гістарычны матэрыял узяты з розных інтэрнэт - рэсурсаў.
беніца,троіцкі касцёл,падарожжа,к. коцел Гісторыя Беларусі
  • elina, 18.01.2018 10:32 #

    Вельмi цiкава, дзякуй!
    ответить на комментарий
    • Mirax, 18.01.2018 11:25 #

      Вялікі Вам дзякуй за адзнаку)
      ответить на комментарий
  • Elem, 18.01.2018 10:40 #
    +1
    1
    Напалеон Орда (дарэчы, па бацькоўскай лініі я таксама з Янава)) зрабіў проста велізарную рэч: захаваў для нас памяць пра будынкі той Беларусі!
    ответить на комментарий
    • Mirax, 18.01.2018 11:28 #
      +1
      1
      Так, менавіта дзякуючы Напалеону Ордзе, мы можам бачыць, як выглядалі страчаныя на сённяшні дзень шляхетскія палацы. Ён сапраўды зрабіў для нас вялікую справу.
      ответить на комментарий
  • sonejka-ja, 18.01.2018 12:09 #
    +1
    1
    Дзякуй за аповед, прачытала з вялікім задавальненнем! І таксама падумала: як цудоўна, што да нас дайшлі малюнкі Напалеона Орды! І я часта да іх звяртаюся... Люблю даўніну!
    ответить на комментарий
Ответить автору поста
Mirax
9 постов
Последние комментарии
function li_counter() {var liCounter = new Image(1,1);liCounter.src = '//counter.yadro.ru/hit;bloger?t44.6;r'+((typeof(screen)=='undefined')?'':';s'+screen.width+'*'+screen.height+'*'+(screen.colorDepth?screen.colorDepth:screen.pixelDepth))+';u'+escape(document.URL)+';'+Math.random();}